Еўдакія Лось
RSS FeedКупальскі лівень
Дождж у Вязынцы, лівень,
а светлы жа, светлы!
Каснікі намачылі
У сажалцы ветлы.
Ветлы-вербы, язміны,
вяргіні, анюткі
як чакалі такое
празрыстай мінуткі!
Як чакалі рабіны
у гронках няспелых
і дзяўчаты ў сукеначках
белых, ой, белых!..
Прычасаліся вербы,
стаўкі паглыбелі,
і дзяўчаты пад ліўнем,
дальбог, пастрайнелі.
А жанкі ў сарафанах
ад ліўня ўцякалі
і ў траве свае пацеркі
парассыпалі...
Хто там знойдзе ў купалках
жамчужную пацерку!
Пачакае малое
дамоў сваю мацерку...
Ёй сушыць сарафан,
ёй расчэсваць касу
ды Купалу дарыць
маладую красу!
Лірыка ліпеня
Упала з гнязда птушаня —
лірыка ліпеня...
Падняўся грыбнік да дня —
лірыка ліпеня.
Капешкамі луг прарос —
лірыка ліпеня.
Самы белы строй у бяроз —
лірыка ліпеня...
Самы цяжкі лёт у пчалы —
лірыка ліпеня.
Самы чысты мёд на сталы —
лірыка ліпеня!..
Апошнiя водгукi
2 недели 3 дня назад
10 недель 6 дней назад
10 недель 6 дней назад
21 неделя 1 день назад
22 недели 2 дня назад
40 недель 4 дня назад
1 год 22 недели назад