Усход сонца
RSS FeedНа усходзе неба грае
Пераліўным блескам,
Сыпле золата над гаем
I над пералескам.
Чуць-чуць дрогне, праліецца
Чырвань на усходзе —
Гэта неба усміхнецца
Людзям і прыродзе.
Смех адказны, смех шчаслівы
Ходзіць па пагорках.
Час світання — час зычлівы...
Гаснуць, нікнуць зоркі.
Шырай, шырай зараніца
Разнімае крылле,
Нібы пожар б'е крыніцай
Там, на небасхіле.
Сноп праменняў, пышна ўзняты,
Сее бляск-чырвонцы —
Гэта неба сцеле шаты
На дарогу сонцу.
Над палямі мрок прарваўся,
Па нізах расплыўся,
Лес туманам заснаваўся,
Луг расой абмыўся.
Агнявыя валаконцы
Ткуцца ў шоўк чырвоны —
Гэта хмаркі ладзяць сонцу
I дзяньку кароны.
Як прыемна пахне збожжа!
А вакол — спакойна!
Эх, як слаўна, як прыгожа,
Хораша, прыстойна!
I сабрала неба фарбы
Колераў дзівосных...
I дзе ёсць такія скарбы
Гожства, сугалосся?!
Прыгожы верш! Мне вельмі
Прыгожы верш! Мне вельмі падабаецца.