Даволі вам, дзеці...

RSS Feed
Сярэдняя: 5 (1 голас)

Даволі вам, дзеці,
Па лагеры бегаць, даволі!
І спаць вам не дам у спакоі.
Апоўначы выведу вас
Я сягоння на поле,
На цёмнае поле начное.

Там позняе лета,
Там соннае жыта
I зорныя ліўні.
Бяздонне сусвету
Бывае такое глыбокае
Толькі у жніўні.

Пра космас прывычна
I бачыць, і чуць вам
Ледзь-ледзь не з пялёнак.
I сон ваш касмічны,
I ў сэрцы —
Гагарын, Клімук, Кавалёнак.

Для кожнага з вас
Над бацькоўскай зямлёю
Шчаслівая зорка згарае.
Цаніце свой час
I гэты сусвет,
Што без дна, без канца і без краю.

Жыццё вас запоўніць
Вучобай, і працай,
I шчырым каханнем,
Бо сэрцы запоўняць
I зоркавы лівень,
I цёплага жыта дыханне.